АНТЫ́ЧНАЕ МАСТА́ЦТВА старажытнагрэчаскае і старажытнарымскае мастацтва

(1-с тыс. да н.э. — 1-я пал. 1-га тыс. н.э.). Зарадзілася на Пд Балканскага п-ва, на астравах Эгейскага архіпелага і зах. узбярэжжы М.Азіі. Найвышэйшы росквіт перажыло ў Грэцыі Старажытнай. Падзяляецца на архаіку (7—6 ст. да н.э.),

класіку (5—4 ст. да н.э.), элінізм (канец 4—1 ст. да н.э.), рымскае мастацтва (3 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.). У эпоху элінізму яго ўплыў пашырыўся на тэрыторыі, што прылягалі да Міжземнага і Чорнага мораў, на Б. і Сярэдні Усход (амаль да Індыі), дзе склаліся мясц. школы эліністычнага мастацтва. Традыцыі стараж.-грэч. і эліністычнага мастацтва атрымалі новае развіццё ў мастацтве Рыма Старажытнага. Лепшыя творы антычнага мастацтва, якія ў класічна ясных, узнёслых формах увасобілі высокія гуманіст. ідэалы, да нашага часу звязаны з уяўленнем аб маст. дасканаласці і недасягальным узоры, гарманічным харастве па законах прастаты, раўнавагі, меры.

Я.Ф.Шунейка.

т. 1, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)